Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Швэйк чакаў фэльдкурата ўнізе, у калавурцы, з пляшачкай сьвятога алею, якая абуджала сярод салдат шчырую цікавасьць. Адзін з іх выказаў думку, што гэты алей цалкам прыдатны да чышчэньня вінтовак і штыхоў. Малады салдацік з Чэхамараўскага ўзвышша, які яшчэ верыў у бога, прасіў не гаварыць гэткага і не спрачацца аб сьвятых рэчах:

— Мы павінны быць сумленнымі хрысьціянамі.

Стары ратнік паглядзеў на блазьнюка і сказаў:

— Ты думаеш, што вера захавае тваю мазгаўню ад шрапнэлі? Досыць нас чмуцілі! Перад вайной прыяжджаў да нас адзін дэпутат клерыкал і гаварыў пра царства божае на зямлі.

Госпад бог ня хоча вайны і хоча, каб усе жылі ў лагодзе, па-братэрску. А ці толькі выбухнула вайна, па ўсіх касьцёлах зачалі маліцца за перамогу нашага войска, а пра бога сталі гаварыць, не раўнуючы, як пра начальніка генэральнага штабу, які кіруе ўсімі ваеннымі дзеяньнямі. Адгледзеўся я на пахаваньні ў гэтым шпіталі! А колькі паадціналі рук ды ног! Проста вазамі возяць!

— Салдатаў хаваюць галяком, — сказаў другі, — а адзежу з мерцьвяка надзяваюць на жывога. Так на круг і ідзе.

— Пакуль мы ня выйграем вайну, — зазначыў Швэйк.

— Дзіва, што гэткае мурло выйграе, — адгукнуўся з кутка капрал. — На фронт трэба такіх, пагнаць вас на штыхі, к чорту-матэры, у ваўчыныя ямы, супроць мінамётаў. Валяцца ў тыле кожны зух, а вось паміраць дык нікому ня хочацца.

— А я думаю, як гэта прыемна памерці пад штыхом! — сказаў Швэйк. — Някепска таксама атрымаць кулю ў чэрава, а найлепей калі чалавека разрывае граната, а ён глядзіць ды думае, чаму ў яго ногі з жыватом адлятаюць некуды на ўзьвей-вецер. І так яму гэта дзіўна, што ён з дзіва памірае раней, чымся хто ўправіцца яму растлумачыць.

Маладзенькі салдат шчыра ўздыхнуў. Яму шкода стала свайго маладога жыцьця. Навошта ён толькі радзіўся ў гэты бязглузды час? Каб яго зарэзалі, як карову ў разьніцы? І нашто гэта ўсё?

Адзін салдат, былы настаўнік, нібы прачытаўшы ягоныя думкі, зазначыў: