— Ну, гэта ўжо разам з слыхам, пане фэльдкурат: калі адзін брэша, а другі яго слухае…
— Значыць, нам трэба асьвенчаная біскупам аліва, — сказаў фэльдкурат пасьля гэтых філёзофскіх разважаньняў. — Маеце вось дзесяць крон, купіце пляшачку. У інтэнданцтве такой алівы, мабыць, няма.
Швэйк пайшоў за асьвенчанай біскупам алівай. Адшукаць яе было цяжэй, чымся казачную жывую ваду ў казках Бажэны Нямцовай. Швэйк паткнуўся ў некалькі аптэкарскіх магазынаў, і ці толькі вымаўляў: „будзьце ласкавы, пляшачку асьвенчанае біскупам алівы“, усюды хоць рагаталі яму ў твар, а хоць у жаху хаваліся пад стойку. Швэйк на гэта не зважаў — ён быў надзвычайна сур‘ёзны. Ён паспрабаваў пашукаць па аптэках. З першае загадалі яго вывесьці. У другой памкнуліся выклікаць хуткую дапамогу, а ў трэцяй правізар сказаў яму, што ў фірмы Полак на Доўгай вуліцы — гандаль алеямі і лякамі; напэўна, знойдзецца на складзе патрэбная аліва.
Фірма Полак вяла гандаль жвава. Ніводзін купец ня выходзіў адтуль без здавальненьня. Калі купец прасіў кіндэр-бальзаму, яму налівалі шкіпінар, і па тым.
Калі Швэйк папрасіў сьвянцовае алівы на дзесяць крон, гаспадар сказаў прыказчыку:
— Пан Таўхэн, налеце яму сто грам канаплянага алею нумар тры.
А прыказчык, загортваючы пляшачку, сказаў Швейку, як і належыць прыказчыку.
— Найлепшы гатунак. Калі часам спатрэбіцца ляк, пакост, квачы — зрабеце ласку, зьвярнецеся да нас. Будзеце здаволены. Фірма сталая.
Тымчасам дома фэльдкурат паўтарыў з катахізму тое, чаго ня мог убіць сабе ў галаву ў сэмінарыі.
Яму дужа ўпадабаліся некаторыя надзвычай спрытныя выразы, ад якіх ён шчыра рагатаў.
„Соборваньне завецца іначай апошняе памазаньне, бо зазвычай зьяўляецца апошнім ад усіх памазаньняў, якія робяцца цэрквай над чалавекам“.