Нарэшце, яго паклалі. Але перш, чымся заснуць, ён выгаласіў, узьняўшы руку, як пад прысягай:
— Веру ў бога айца, сына і сьвятога духа! Дайце мне матаўнік.
Швэйк упоркнуў яму першую, якая трапілася пад руку, кніжку з начнога століка Отто Каца, і набожны фэльдкурат нарэшце заснуў з Дэкамэронам Бокачыо ў руках.
РАЗЬДЗЕЛ XIII
ШВЭЙК ЕДЗЕ САБОРВАЦЬ
Фэльдкурат Отто Кац у задуме сядзеў над паперай, якую вось толькі прынесьлі з кашар. Гэта быў цыркуляр ваеннага міністэрства:
„Гэтым ваеннае міністэрства адмяняе на час ваенных дзеяньняў усе, якія былі дасюль, наказы, што да апошняга прычасьця вайскоўцаў. Да выкананьня і ведама вайсковага духавенства ўстанаўляюцца наступныя правілы:
§ 1. Саборваньне на фронце адмяняецца.
§ 2. Цяжка параненым і хворым не дазваляецца з мэтай саборваньня перамяшчацца ў тыл. Чынам вайсковага духавенства прапануецца вінаватых у невыкананьні гэтага незабаўна аддаваць у адпаведныя вайсковыя ўстановы дзеля далейшых росьсьледаў.
§ 3. У вайсковых шпіталях у тыле саборваньне можа адбывацца ў групавым парадку і на падставе заключэньня вайсковых лекароў, калі гэтая сьвятая цырымонія не парушае працы памянёных устаноў.
§ 4. Вайсковае духавенства абавязана па пропозыцыі галоўных лекараў шпіталяў чыніць саборваньне над асобамі, паказанымі управай шпіталю“.
Потым фэльдкурат прачытаў яшчэ раз адносьнік вайсковага шпіталю, у якім яму прапанавалі зьявіцца назаўтрага ў шпіталь на Карловым пляцы саборваць цяжка параненых.
Фэльдкурат гукнуў Швэйка.
— Слухайце, Швэйк, ну ці-ж гэта ня сьвінства? Нібыццам на ўсю Прагу няма ніводнага фэльдкурата апроч мяне! Чаму-б