Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рат. — Авой дурніцы, авой ёлупы! Ці ведаеце вы, дзе схаваў я паходны алтар? У канапе, якую мы прадалі!

— Бяда! — сказаў Швэйк. — Праўда, я з гэтым гандляром старой мэбляй знаёмы, але надавечы я сустрэў ягоную дружыну, дык яна мне сказала, што ён сядзіць за крадзеную скрынку, а што канапа наша знаходзіцца ў аднаго настаўніка ў Вршовіцах? З алтаром, значыць, — чыстае гора. Найлепшае, што мы можам зрабіць, гэта — дапіць грог і падацца на пошукі, бо без алтара, мабыць, правіць імшу ня надта ёмка.

— Адно паходнага алтара і бракуе, — заклапочана сказаў фэльдкурат. — Усё іншае ўжо нарыхтавана на вучэбным пляцы. Цесьляры ўжо зьбілі памост. Дарахранільніцу нам пазычуць у Брэжэўнове. Чаша ў мяне павінна быць свая, але дзе яна дзелася?..

Ён задумаўся.

— Ну, хай сабе — я яе згубіў. Дык у такім разе пазычым прызавы кубак у паручніка семдзесят пятага палка Вітынгэра. Колькі год таму назад ён прымаў удзел ад клюбу „Спорт“ у спаборніцтве на бягню і выйграў гэты кубак. Добры быў бягун! Адлегласьць Вена-Мэндлінг узяў за гадзіну і сорак восем хвілін. Ён да гэтага часу яшчэ выхваляецца гэтым. Я з ім на кожны выпадак яшчэ ўчора пра гэта дамовіўся. І як гэта я, даўбешка, не паглядзеў у канапу, калі яе прадаваў? Заўсёды я, скаціна, адкладаю ўсё на апошнюю хвіліну!

І пад уплывам выпітага грогу, згатаванага па рэцэпту прапойцы-матроса, фэльдкурат узяўся лаяць сябе найспрытнейшымі выразамі, даючы ведама, што ўласна, ён з сябе выяўляе.

— Час ісьці шукаць паходны алтар, — заявіў Швэйк. — Ужо днее. Трэба толькі раней напрануць мундзір ды выпіць на дарогу яшчэ шкляначку грогу.

Нарэшце, яны вышлі. Ідучы да жонкі гандляра старой мэбляй фэльдкурат апавядаў Швэйку, што ён учора выйграў у карты, і калі яму пашанцуе, дык ён выкупіць з лёмбарду рояль. Гэтае абяцаньне нагадвала абяцаньне дзікуна зрабіць ахвяру свайму богу, калі паляваньне будзе ўдалае.

Ад заспанае жонкі гандляра старой мэбляй фэльдкурат і Швэйк даведаліся, які адрас настаўніка з Вршовіц, што за-