— У мяне ўсяго па ўсім трыццаць шэсьць крэйцараў. Што, калі прадаць канапу… — разважаў ён. — Як вы ўважаеце, Швэйк? Купіць хто-небудзь? Гаспадару я скажу, што пазычыў каму, ці што ўкралі. Ці можа не, канапу я пакіну, а пашлю-тку я вас да пана капітана Шнабэля, хай ён мне пазычыць сто крон. Ён надовечы выйграў у карты. Калі там нічога ня выйдзе, дык вы пойдзеце ў Врошовіцы, у кашары да паручніка Малера. Калі і там не пашэнціць, дык вы падайцеся ў Градчаны да капітана Фішэра. Яму вы скажэце, што мне канцом патрэбна плаціць за фураж для каня (якога я прапіў). А калі і там у вас ня выйдзе, заставім рояль. Хай будзе, што будзе. Я вам напішу колькі слоў на ўсіх. Кажэце ўсім, што пільна трэба, што я сяджу без капейкі. Наогул, выдумляйце што хоця, адно з пустымі рукамі не варочайцеся, а то пашлю на фронт. Ды спытайцеся за адным заходам у капітана Шнабэля, дзе ён купляе гэту арэхавую настойку, ды купіце дзьве пляшкі.
Заданьне гэта Швэйк справіў з надзвычайнай удачай. Яго прастадушнасьць і шчырае аблічча абуджалі поўную даверлівасьць да ўсяго таго, што ён казаў. Швэйк улічыў за патрэбнае ўмацаваць фэльдкуратаву просьбу і перад капітанам Шнабэлем, і перад капітанам Фішэрам, і перад паручнікам Малерам ня толькі тым, што фэльдкурату трэба плаціць за фураж, а яшчэ тым, што ён канечна павінен плаціць алімэнты.
Грошы ён дастаў усюды.
Калі ён вярнуўся з экспэдыцыі і паказаў фэльдкурату, які ўжо памыўся і перапрануўся, трыста крон, той асалапеў ад зьдзіўленьня.
— Я ўзяў усе адразу, — сказаў Швэйк, — каб нам не давялося заўтра ці пазаўтра зноў рупіцца пра грошы. Усё ішло досыць гладка, але перад панам капітанам Шнабэлем мне выпала ўсё-ткі ўкленчыць. Сьцерва якая! Аднак, калі я сказаў яму, што вам канечна патрэбна плаціць алімэнты…
— Алімэнты? — спалохана перапытаў фэльдкурат.
— Ну вядома, алімэнты, пане фэльдкурат, адступныя дзяўчатам. Вы-ж мне сказалі, каб я што-небудзь выдумаў, а нічога іншага мне ня прышло на думку. У нас адзін шавец плаціў алімэнты пяцём дзяўчатам адразу. Ён проста вар‘яцеў, і так-