— Я выпіў пяць кухляў піва і зьеў пару сасісак з жулікам. Дайце-тку мне яшчэ чарку сьлівянкі. Мне час ужо йсьці, дзеля таго, што я арыштаваны.
Брэтшнэйдэр паказаў Паліўцу свайго арла, з хвіліну глядзеў на шынкара і пасьля запытаў:
— Вы жанаты?
— Так.
— А здолее ваша жонка замест вас весьці справы пад час вашае адсутнасьці?
— Можа.
— Дык усё ў парадку, пан шынкар, — весела сказаў Брэтшнэйдэр. — Паклічце вашу дружыну і перадайце ёй усе справы. Увечары па вас прыдзем.
— Ня турбуйцеся дарма, — суцяшаў яго Швэйк. — Я арыштаваны ўсяго толькі за дзяржаўную здраду.
— Але-ж я завошта? — заенчыў Палівец. — Я-ж быў так асьцярожны!
Брэтшнэйдэр усьміхнуўся і пераможна сказаў:
— За тое, што вы сказалі, што пана імпэратара запаскудзілі мухі. Вам гэтага пана імпэратара выб‘юць з галавы.
Швэйк вышаў з шынку „Ля чашы“ разам з агентам сакрэтнай паліцыі. Як вышлі яны на вуліцу, Швэйк зазіраючы яму ў твар, запытаў са сваёй дабрадушнай усьмешкай:
— Мне сыйсьці з тротуару?
— Нашто?
— Я мяркую, раз я арыштаваны, дык ня маю права хадзіць па тротуары.
Уваходзячы ў вароты паліцэйскае ўправы, Швэйк зазначыў.
— Слаўна час змарнавалі! Часта бываеце ў шынку „Ля чашы“?
У той час, як Швэйка вялі ў канцылярыю, дзе прымалі злачынцаў, у шынку „Ля чашы“ пан Палівеў перадаваў справы сваёй жонцы. Яна плакала, і ён сваяасабліва суцяшаў яе:
— Ня плач, ня гудзі. Што яны могуць зрабіць за запаскуджанага гаспадара імпэратара.
Так чароўна і міла ўвайшоў у сусьветную вайну ўдалы ваяка Швэйк. Гісторыкаў зацікавіць, як ён мог так далёка за-