Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўважаеце, колега, якая гульня больш справядлівая: жалезка ці дваццаць адно? Як сабе хочаш, а я з табой недзе ўжо сустракаўся! — крыкнуў ён, пнучыся абняць Швэйка ды пацалаваць абсьлюмачанымі вуснамі. — Па-мойму, мы разам хадзілі ў школу. Ах ты, добрая твая душа! — мякка гаварыў ён, гладзячы сваю ўласную нагу. — Як ты падрос з тэй пары, як мы ня бачыліся. Але цяпер радасьць нашае сустрэчы прымушае забыцца на ўсе мае пакуты.

У ім адкрылася поэтычная жылка, і ён стаў апяваць зварот шчасьліўцаў да сонечнага сьвятла і палкае каханьне.

Потым ён апусьціўся на калены і стаў маліцца: „Ave, Maria“, рагочачы на ўсё горла.

Калі яны суняліся перад ягонай кватэрай, было дужа цяжка выцягнуць яго з фурманкі.

— Мы яшчэ ня прыехалі! — гвалтаваў ён. — Ратуйце! Мяне хочуць скрасьці! Мне трэба ехаць далей!

Яго выкалупалі з фурманкі, як смаўжа з яго чарапашкі.

З момант здавалася, быццам яго разьдзяруць на кавалкі, бо ён зачапіўся нагамі за сьпінку сядзеньня. Але потым ён гучна зарагатаў, што яму ўдалося іх ашукаць.

Яго перацягнулі па вэстыбюлі і сходах у кватэру і павалілі яго там, як куль, на канапу. Ён заявіў, што плаціць за аўтомобіль ня будзе, бо ня ён яго згадзіў, і больш за чвэртку гадзіны прышлося даводзіць яму, што гэта быў просты рамізьнік.

Але і тут ён ня даў свае згоды і ўсё спрачаўся, што езьдзіць толькі на фіакрах.

— Вы хочаце мяне абдурыць, — гаварыў фэльдкурат, многазначна падміргваючы Швэйку і рамізьніку. — Мы-ж ішлі пеша.

І раптам, у прыпадку шляхотнасьці, ён кінуў рамізьніку свой партманэт.

— Вось, бяры сабе ўсё. Я магу гэтулькі заплаціць. На адзін крэйцар больш ці менш — мне начхаць.

Правільней было-б сказаць, што яму начхаць на трыццаць шэсьць крэйцэраў, бо больш у портманэце і ня было. На шчасьце рамізьнік зрабіў яму строгую ператруску, нясьціхаючы памінаць пра нейкія аплявухі і поўхі.