Швэйк, а ўсё па ўсім — Швэйку ўжо выпала іх вартаваць. З першапачатку яны добра і не разьдзяўбалі гэткае рахубы, пакуль ня селі на кухні ды не ўбачылі ў дзьвярох Швэйка са стрэльбай і прымкнутым штыхом.
— Я-б чаго-небудзь выпіў, — уздыхнуў маленькі оптыміст, тым часам, як на даўгаля зноў напаў прыпадак скэптыцызму. Ён заявіў, што ўсё гэта ганебная здрада і ўзяўся голасна наракаць на Швэйка, што па яго віне яны трапілі ў гэткае становішча. Ён дакараў яго, што Швэйк ім абяцаў, што заўтра яго павесяць, а цяпер выходзіць, што і споведзь і павешаньне — усё гэта было адно ашуканства.
Швэйк моўчкі тупаў каля дзьвярэй.
— Аслы мы былі! — гвалтаваў даўгаль.
Выслухаўшы ўсе абвінавачаньні, Швэйк нарэшце загаварыў:
— Цяпер вы прынамсі бачыце, што вайсковая служба вам не абы што. Я толькі выконваю свой абавязак. Я ўпёкся ў гэтую справу выпадкова, як і вы, але, як па-простаму кажуць, мне „ўсьміхнулася фортуна“.
— Я-б чаго-небудзь выпіў! — удругое праказаў оптыміст з роспаччу.
Даўгаль устаў і хістаючыся падышоў да дзьвярэй.
— Пусьці нас дамоў; — сказаў ён Швэйку. — Кінь чмурыць, таварыш!
— Адкасьніся ты ад мяне, — адказаў Швэйк. — Я вас мушу вартаваць. Цяпер мы не знаёмыя.
У дзьвярох зьявіўся фэльдкурат.
— Я ніяк не магу дазваніцца ў гэтыя самыя кашары. Ну, пашлі дамоў, ды памятайце ў мяне, што на службе п‘янстваваць няможна. Шагам марш!
Пан фэльдкурат, у гонар яму сказаць, у кашары і не званіў, бо ў яго ня было тэлефону, а памыкаўся ён гаварыць у настольную электрычную лямпу.
Ужо трэці дзень служыў Швэйк за дзяншчыка ў фэльдкурата Отто Каца, але бачыў яго праз гэты час усяго адзін раз. На трэці дзень зьявіўся дзяншчык паручніка Хэльміха з загадам, каб Швэйк прышоў і забраў свайго пана.