Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але ва ўсёй нашай арміі не знайшлося смялякі, які згадзіўся-б непрыкметна прабрацца ў варожы лагер.

Самым адважным аказаўся я.

Я стаў побач з велізарнай гарматай, якая смаліла па турэцкаму гораду, і, калі з гарматы вылецела ядро, я ўскочыў на яго верхам і хвацка паімчаўся наперад. Усе ў адзін голас усклікнулі:

— Брава, брава, барон Мюнхаузен!

Спачатку я ляцеў з прыемнасцю, але калі ў далечыні паказаўся горад нашых ворагаў, мяне ахапілі трывожныя думкі.

— Гм! — сказаў я сабе. — Уляцець то ты, бадай, уляціш, але ці ўдасца табе адтуль выбрацца? Ворагі не будуць цацкацца з табою, яны схопяць цябе, як шпіёна, і павесяць на бліжэйшай вісельні. Не, мілы Мюнхаузен, трэба табе вяртацца, пакуль не позна!