Старонка:Прозалаць (1926).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ШАВЕЦ

Засядзеўся сягоньня, ажно да агня,
зьнемаглася рука, здрантвела.
А глянеш прыемна — як глянсам зьвіняць
камашы замшава — белыя.

Марудна штось праца сягоньня цякла,
пад сэрцам сьпякота смактала.
На вуліцы лужамі восень лягла,
імглой шэры брук ласкатала.

На варстаце начыньне, бяз іх як бяз рук,
прападзеш за нішто, як бяз працы.
Калі шыла няма, папрабуй зашнуруй,
без нажа — дарабі абсацы.

Нават фумаль, шпілёрт, нават шпандар і той
пры рабоце, як вінцік машынны.
І хром і шаўро прападуць за нішто;
ні шавец — калі ён без начыньня.