Гэта старонка не была вычытаная
Далі дыхту… эх, кілішак!
Моўвіць неча — пагулялі!
Як каты, наеўшысь кішак,
Усю вёску заблявалі!
Або ў Волменскай Паперні —
Пішуць нам з другой сялібы:
Самагон, як з бочкі, верне
І праз дзьверы і праз шыбы.
Ў сьвірне гоняць, ціснуць ў клеці
На няшчасьце, на пакуту;
За бацькамі нават дзеці
Цягнуць чортаву атруту.
Дзе тут розум? Дзе сумленьне?
Што за смак у тэй кватэрцы?
Як чытаеш — душыць мленьне,
Жаль і жах гарыць у сэрцы.
Чуйце — пішуць: ў нейкай хаце
Пераносіць маці кару,
Бо змарожаны ў дзіцяці
Ножкі-ручкі цераз гару.
А ўжо-ж мелі тут навуку!
Будзе ўсім вам, як Юстыну,
Што, напіўшыся, бяз гуку
Лёг ня ўчасе ў дамавіну.