гэта жыцьцё беларускіх нізоў у зусім новым асьвятленьні. Група беларускай інтэлігенцыі, згуртаванай вакол „Зажынак“ „Дзяньніцы“ і Беларускага нацыянальнага камісарыяту, — гэта ўжо новая інтэлігенцыя, ня зьвязаная з дробна-буржуазнымі групаваньнямі. Гэта — прадстаўнікі бяднейшага беларускага сялянства, рамесьніцтва. Гэта — піонэры тае групы беларускага культурніцкага актыву, якой ходам падзей суджана стаць на чале беларускай інтэлігенцыі і павесьці яе шляхам Кастрычнікавай рэволюцыі.
У 1921—22 годзе гэта другая плынь высоўвае групу зусім новых пісьменьнікаў і робіць пераможную вылазку, якая замацоўвае за ёю ідэёвыя позыцыі ў беларускай літаратуры. Поэма „Босыя на вогнішчы“ М. Чарота канчаткова аформіла ідэёвы напрамак беларускай літаратуры і паставіла на чале яе новыя сілы. З гэтага часу пачынаецца групаваньне сіл, пачынаецца пераацэнка каштоўнасьцяй у поэтаў-нашаніўцаў, пачынае ажываць і само літаратурнае жыцьцё Беларусі. Адчыняецца першы тоўсты беларускі часопіс „Полымя“, які сьцягвае вакол сябе і маладых і старых пісьменьнікаў. Адбываюцца вечары „Полымя“, якія, з аднаго боку, прыцягваюць да вырастаючай літаратуры ўвагу грамадзянства, а з другога — павялічваюць імкненьне пісьменьнікаў да большага збліжэньня. Цікавасьці да беларускай літаратуры спрыяе адчыненьне ў Менску Беларускага пэд-