Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, ну, папрабуй толькі, дык тагды з агнём у дзень ні аднаго пяра нідзе ня знойдзеш!

— А покуль што, Валодзя, шчыра дзякую за дапамогу; табе — таксама, Вера, — шчыра дзяквала Каця сваіх прыяцеляў, — бяз вас, дык я можа прапала-б дзе.

— Гэта не пасяброўску, не, не! — запротэставалі Вера з Володзем, — дапамагчы — абавязак кажнага комуністага!.. не… брат!

Было гадзіны чатыры па поўдні. У пакоі Веры стаяў вясёлы шум: гаспадыня трактавала гасьцей.

— Пасьля полудню, таварышы, прапаную схадзіць нам усім у кінематограф, — раіла Вера.

— Ня варта, — не згадзіўся Володзя, — лепш у тэатр: сёньня добрая рэч там ставіцца.

— А глупства: я была; ня варта йсьці, лепей у кінематограф.

— Так ня можна, Вера Міхалаўна, — вярнуў сваё Валодзя, — мы так ніколі ня прыдзем да згоды…

— Не бяда!

— Ну, добра… на сёньня ўступлю, — але ня ўсьпеў дагаварыць Валодзя і паклаў на стол лыжку.

У дзьверах вырасла фігура Бельскага (бацькі Каці). Высокі, плячысты, лысы, з пасівелай барадою.