Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

госьці Вера, — трэба нам раней туды пайсьці; з некаторымі крышку перагаварыцца, каб прынялі заяву.

Цераз поўгадзіны разышліся: Валодзя па сваіх справах пашоў кудысьці, а Вера з Кацяй пашлі ў П. Ш. Пасьпелі туды сваечасова. Заяву Каці прынялі. Як толькі трохі сабраліся паступаючыя, зараз-жа пачалася прыёмная паверка ведаў. Кацю вызвалі ў ліку апошніх.

Як толькі Каця вышла з кватэры Веры, яе ахапіла нейкая нібы боязьнь.

Увесь час, пакуль правяралі другіх, яна ўсё адчувала сябе ня зусім лоўка.

— Што цяпер дома робіцца?! — зьнячэўку заўладала ёй на хвіліну гэта думка, але яна яе зараз-жа пастаралася адагнаць, — усё роўна! хоць што-б там ні было!..

Далей прабавала прыпамінаць з таго, што раней вучыла ў сямігодцы і што цяпер пыталі пры праверцы…

— Скора мяне пазавуць, — думала яна сама пра сябе, сочачы за тым, каго вызывалі, — трэба…

— Т. Бельская! — пазвалі Кацю, абарваўшы яе на палове думкі.

Спакойна, нават бадзёра ўстала, падышла к століку, села.

Далі тры запытаньні. Што ведала, адказала.

— Досыць.