Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АДАМ ЗАЛЕС

Станцыя.

Доўгі, зычны, раскацісты гудок. Цяжка засопшы, машына прытка падалася наперад.

Уздрыгнула чыгунка, загрукацелі вагоны і ўсё зьлілося ў адзін магутны глушачы грук. Апошні ахапак пары разарваўся над станцыяй, і я ўжо нясуся сярод зялёных палеткаў, сенажацяй і шэрых замшавелых балот, заросшых хілымі, сумуючымі расьлінамі.

Даль расступаецца.

На спатканьне ляціць невядомая рэчка. Прыгожа закручваюцца яе закруты, паміж шэразалёных абшараў. Цямнее… Але рэчка яшчэ гарыць блакітна-залатым адбіткам заходняга небасхілу. Яскрава бруяцца яе сіня-залатыя хвалі і ў захапленьні цалуюцца з халодным асеньнім паветрам. Праз хвіліну рэчка кідаецца ў вочы агнёвай паласой і зьнікае ў смутнай далі. Час-ад-часу яна яшчэ паблісквае з-за пагоркаў, бы даўно запамятаваная думка або вобраз, якія імкнуцца ўзьняцца над кругавідам чалавечай памяці… А там наперадзе ўстаюць новыя малюнкі, хварбы, прыгожасьці.