Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

раўчак сьвятла быў для гэтага не дастаткова яркім. Раптам сьцены па бакох зусім зьніклі. Мы бачылі толькі сьветлы жолаб, які служыў нам замест правадніка.

Хутка мы падышлі на край нейкага абрыву. Сьветлы жолаб рабіў тут невялікі паварот і потым зьнікаў, падаючы ў глыбіню. Далёка ў доле відаць было суцэльнае блакітнае зьзяньне, быццам сьветлы туман. У выніку гэтага цемра здавалася яшчэ больш непрагляднай. Я заўважыў толькі, што над прорваю вісела і адыходзіла ў імглу вузкая дошачка. З глыбіні ўзьнімалася цёплае паветра.

Мы з Каворам падышлі да самага краю абрыву і з цікавасьцю глянулі ўніз. Раптам наш тоўсты праваднік узяў мяне за руку і пацягнуў да сябе. Потым ён пусьціў мяне, узышоў на навіслую над прорваю дошку і аглянуўся. Калі ён убачыў, што мы наглядаем за ім, ён пайшоў па дошцы далей і хутка зусім зьнік у цемры.

Мы стаялі нярухома. Яшчэ адзін з селянітаў узышоў на дошку, спыніўся і глянуў на нас. Іншыя абкружылі нас, гатовыя ісьці за намі. Зноў паказалася фігура правадніка. Як відаць, ён зьвярнуўся, каб даведацца аб прычыне затрымкі.

— Што там, за прорваю? — запытаў я.

— Ня ведаю.

— Ва ўсякім выпадку, я не магу ісьці па гэтым д’ябальскім мастку!