У момант сьмерці Госпада зьявіліся многія дзіўныя
знаменьні: затраслася ўся зямля, у храме Ерусалімскім
разадралася — ад верхняга краю да ніжняга — сьвяшчэнная заслона, распаліся каменьні, адкрыліся магілы і многія памёршыя сьвятыя ўваскросьлі.
Усіх, хто быў на Галгофе, апанаваў вялікі страх.
Перапалохаліся і ваякі, якія сьцераглі Іісуса. Сотнік-жа,
бачачы землятрасеньне і ўсё, што было, у вялікім узварушэньні праславіў Бога і выклікнуў: «Узапраўды, гэты
Праведнік быў Сын Божы!»
Пахаваньне Госпада.
Вечарам таго дня начальнікі юдэйскія прышлі да
Пілата і прасілі дазволіць перабіць расьпятым галені,
каб яны хутчэй памёрлі: надыходзіла вялікае сьвята — Пасха, і нядобра, каб павешаныя заставаліся падчас
сьвята на храстах. Пілат пазволіў. Прышлі ваякі, і ў
першага разбойніка перабілі галені, і ў другога, расьпятага з Ім. Калі-ж падыйшлі да Іісуса і ўбачылі, што
Ён ужо памёр, дык не перабівалі ў Яго галеняў. Толькі адзін з ваякаў прабіў Яму бок пікаю і — пацякла з раны кроў і вада.
Пазьней прыйшоў да Пілата адзін з тайных вучняў Госпада нейкі Іосіф з Арымафэі, сябра сынэдрыёну,
чалавек добры і справядлівы, і прасіў дазволу пахаваць
Цела Хрыста. Пілат дазволіў. Іосіфу памагаў другі тайны вучань Госпада — вучыцель закону Нікодым. Яны
зьнялі з храста Цела Госпада Іісуса, ахінулі палатном
і пахавалі каля Галгофы, у садзе Іосіфа, у новым, высечаным у скале гробе, дзе яшчэ ніхто ніколі ня быў
пахаваны. Уваход у гроб быў завалены вялізарным каменем.
На другі дзень пасьля пахаваньня, г. зн. у суботу,
першасьвяшчэньнікі і фарысэі, ня гледзячы на сьвята,
зрабілі нараду і пастанавілі забясьпечыцца, каб вучні,
прыйшоўшы ўночы, ня ўкралі Цела Іісусавага, а пасьля
не сказалі народу: „Уваскрос з мёртвых“. Яны пайшлі
да Пілата, расказалі, што іх непакоіць і прасілі даць
варту да гробу. Пілат згадіўся. Ня гледзячы на сьвя-