Старонка:Пела вясна (1925).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паглядалі на гасьцей і больш за ўсё на таго, што стаяў паміж двух узброеных салдат.

Яго выгляд прыцягваў да сябе ўвагу. Вопратка нібы панская, але так абшарпалася, што зусім страціла свой калішні выгляд. Калматым шкумацьцем недалужна зьвісьлі парваныя полы сурдуту, а скрозь дзіркі на каленках сьвіцілася брудная бялізна.

Стаяў ён панура, нярухома, у дол апусьціўшы сярдзіта прыжмураныя вочы. Твар быццам драўляны, быццам мёртвы. На ім застыгла, закамянела хваравітая злосьць.

Аснач раптам узьняў галаву. Акінуў хату ўраз павесялеўшым, сьветла-іскрыстым паглядам.

— Гаспадыня! А як будзем з вячэрай, га?..

Замітусілася баба, забегала па закуцьці.

— А бадай яно цямілася. Гэта-ж мне з галавы вон. Т‘кі праўду кажуць, што сыты галоднаму не спагадае…

Неяк ураз зьмяніўся ўсіхны настрой. Быццам нейкі гульліва-радасны промень працяў тую прыкрую цяжкасьць, што гнётам вісела ў хацёнцы. Закулдыячылі дзеці, загаварылі армейцы. Гаспадар падсеў к Асначу, пачаў гаманіць з ім — сьперш асьцярожна, нясьмела. Зазіраў у яго добрадушныя вочы з цікаўствам, з павагай, распытваў пра падзеі у фольварку. Аснач апавядаў, і ўсе сьмяяліся давольна, радасна.