Перайсці да зместу

Старонка:Паўлінка (1927).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

——— 37 ———

СЬЦЯПАН (да Адольфа). Проша-ж, проша далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе ўсе тут.

АДОЛЬФ. Дзякую, дзякую вашэці. Проша са мной клопату не рабіць. (Ідзе і з усімі вітаецца; Альжбету цалуе ў руку, стоячы к ей бокам і ня згінаючыся).

АЛЬЖБЕТА. Проша пана Адольфа, проша за стол! Можа вып'еце гарбаты і чаго закусіце? (Да Паўлінкі). Паўлінка, налі пану Быкоўскаму гарбаты!

АДОЛЬФ (садзячыся за стол з другога канца ад музыкаў і закурываючы папяроску). А што-ж у васпанства добрага чуваць?

СЬЦЯПАН (прысаджываючыся к сталу). Ды што ў нас чуваць? — Старая баба ня хоча здыхаць, а маладая замуж ісьці.

АДОЛЬФ (самадавольна). Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.

АЛЬЖБЕТА (да Сьцяпана). А ваша схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоўскага.

АДОЛЬФ. Ня турбуйцеся. Я яго добра прывязаў.

СЬЦЯПАН. Каханенькі-родненькі, хоць і прывязаў, але сена пэўна ня даў. У нас так: госьць, як папала, а жывёліну — дык трэба добра дагледзець. (Выходзе).

Зьява III-ая. Тыя-ж без Сьцяпана.

ПАЎЛІНКА (стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзячыся аподаль). Што-ж гэта — пана Адольфа конь хацеў разнясьці?

АДОЛЬФ. А як-жа! Тры сотні вясной заплаціў, і толькі клопату нажыў. Але ў мяне ўсё так!