——— 32 ———
АКТ II-гі.
Тая-ж самая — што ў першым акце — сьвятліца. За сталом сядзяць: Сьцяпан, Альжбета і госьці — тры хлопцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а кабеты (жанкі) — з другога. П’юць гарбату, наліваючы на сподкі; закусываюць. Дзяцюкі з дзяўчатамі жартуюць, перакідываючыся крошкамі ад хлеба. З левай стараны (гледзячы ад публікі) пры сьцяне ад бакоўкі — сядзяць два музыкі і, зводзячы інструмэнты, сьціха перагаварываюцца між сабой. Ля дзьвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. Паўлінка, прыбраўшыся па сьвяточнаму, увіхаецца каля гасьцей. Трохі ў твары зьмяніушыся; час-ад-часу ўздыхае і няузнак паглядае у вакно; заадно, стараецца быць з усімі вяселай і бойкай. Як падымаецца заслона — Паулінка нясе гарбату.
Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета — Госьці — Музыкі.
ПАЎЛІНКА (стаўляючы гарбату перад Сьцяпанам). Што-ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху, ні духу? Ці ня зьнюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака!
СЬЦЯПАН. Каханенькая-родненькая, не бядуй. Ня будзе Гірша, будзе чорт іншы.
ПАЎЛІНКА (насьмешліва). Мала што будзе... Але-ж калі мяне ўжо неяк, як цмокам, стала цягнуць к гэтаму Бык... Бычку... Ах, як яго?...
СЬЦЯПАН (з націскам). Быкоўскаму.
ПАЎЛІНКА (падходзячы к другому канцу стала). Можа Адэльцы яшчэ шкляначку?
АДЭЛЬКА (госьця). Дзякуй. Ўжо напілася.