А ён сам у саломе, калматы,
Як гуменьнік мінулых часоў.
Раптам грудзі яго захадзілі,
Граблі выпалі з рук, як на зло:
„Ой, даўней, як цапом малацілі,
Неяк шмат тады лепей было!“
„Неяк людзі былі трывалейшы,
Здаравей аж ад працы народ;
А я быў тады многа здальнейшы,
То — даўненька, таму ўжо шмат год“.
„Гарапашнік сыцеў тады з працы
Йшчэ ямчэй, як ад сала, амаль;
Аслабеў наш мужык, трэ‘ прызнацца,
З тых часоў, як убраўся ў паркаль“.
„З тых часоў, як забыў сваю песьню
І дзядоўскіх звычаяў наш люд, —
Ад чужых тут зрабілася цесна,
Апаганіўся родны наш кут“.
„Ўсё пайшло шурам-бурам на сьвеце
Аж да самых да божых нябёс,
Вакол бачу цяпер ліхалецьце,
Ражаном лезе фіга пад нос“.
„А даўней тут лясы ў нас шумелі,
І птаства, і зьвяр‘я было шмат,
Пышна рэчкі вакол мігацелі;
Ой, быў край наш бясконца багат!“
„Вечарынкі былі, былі скокі,
Былі выпіўкі — проста бяда,
Мерцьвякі нават браліся ў бокі,
Як лявоніху сыпне дуда!“
„А цяпер-то гармошка-паскуда
Сваёй полькай даводзіць да сьлёз.
Скуль звалілася гэта заблуда?
Ну й гасьцінец маскаль нам прынёс!“
Йшчэ прыснасьціў частушкі паганец,
На вялікае гора-бяду;