Віцька. Што табе сьцюдзёна, што зубы ляскаюць?
Аканом. З вялікай радасьці, што цябе пабачыў!.. Як ты лоўка да нас зьявіўся, што ніхто цябе раней і не заўважыў!..
Віцька. Ты што гэта, сват?
Аканом. А так!.. Паны нашы жаніцца зьбіраліся, дык мяне за свата абралі!.. Але ты ім перашкодзіў…
Віцька. Цяпер іх вяроўка пажэніць!.. Агата дзе?
Аканом (уздыхнуўшы). Вечны пакой!.. Ад чумы памёрла!..
Аканом. І яна тут!.. Выбачай, Агатка!.. Гэта, мусіць, сястра твая памёрла…
Агата. А ты рад быў-бы маёй сьмерці?
Аканом. Плакаў-бы, як горкае дзіця!.. Я гэтакі: возьме за сэрца жаль, сьлёзы ракою!..
Віцька. Ну, годзе, руды сабака!..
Аканом. Руды, руды!..
Віцька. Запражы лепшых пару коняй і адвязі нас у лес!..
Аканом (на бок). Прапаў!.. А дазвол у пана ты пытаўся?
Віцька. Ад слова, а то…
Аканом. Іду, іду! А што закладаць — брычку ці каптуру на пасах?