Віцька. А пра новенькую парабчанку не ўспамінаў?
Аканом. Пашто яна мне, я баб цярпець не магу!..
Віцька (замахнуўся). Эх ты, каршун, крыважэрны!
Аканом (згінаючы каленкі). Браток, браток!..
Віцька (грозна). Ты мне глядзі!.. Хоць адным словам пакрыўдзіш яе, — не дарую!..
Аканом. Клянуся небам!.. Не пакрыўджу!..
Віцька. А цяпер жаліцца да пана пабяжыш?!.
Аканом. Ці-ж я баба?!.
Віцька. Памятай-жа, хоць слова скажаш…
Аканом. Ні слова!
Віцька. Бачыў мяне?
Аканом. Сягоньня ня бачыў!..
Віцька. Гаварыў са мною?..
Аканом. Ні слова!..
Віцька. Мне твой пан ня страшны, зачэпіць мяне, з дымам паляціць усё!.. А з цябе, калі даведаюся, жылы выматаю. З Віцькам жарты малыя!..
Аканом. Я цяпер ведаю!..
Віцька. Ну, калі ведаеш, дык будзь-жа асьцярожным!..
Аканом. А то як-жа! — Трэба-ж!..
Віцька. Ідзі… і памятай!.. (Аканом адыходзіць з асьцярогаю. Віцька на яго замахнуўся, аканом побег).
Прыйшла Агата.