Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЖЫЦЬЦЕ І ПРАЦА ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА

Іван Луцкевіч радзіўся 28 мая 1851 году (ст. ст.) ў павятовым месьці Ковенскае губэрні Шаўлях, дзе бацька яго меў службу на чыгунцы. Шасьцігадовым хлопчыкам яго перавезьлі ў Лібаву з прычыны пераводу туды бацькі. Тутака ад 1890 году Іван Луцкевіч і пачаў хадзіць у школу (ў Лібаўскую Мікалаеўскую Гімназію).

Змалку лет ён вельмі цікавіўся гісторыяй і старасьвеччынай. У клясе быў першы ў званьні гісторыі, маючы добрага вучыцеля і кіраўніка ў асобе вучыцеля гісторыі і географіі Шэна. У трэйцяй клясе ён ужо зьбірае манэты і розные старасьвецкіе рэчы, аддаючы на гэта тые капейкі, якіе хлопчык яго гадоў мог заашчадзіць.

У лібаўскай гімназіі пад той час было вельмі многа вучняў латышоў і літвіноў. Ужо быў даволі сільны нацыянальны рух у вабодвух названых народаў — рух шчыра дэмакратычны, роўна варожы да нямецкіх баронаў у Латвіі, як і да польскіх паноў у Літве. І гэта адбівалася на жыцьці школьнае моладзі: тут баронскіе дзеці і польскіе панічы глядзелі з пагардай на сваіх таварышоў, якіе прыяжджалі ў школу ў простай адзежы з вясковага сукна („формы“ ў Лібаве тады ня было), ды нават „мужыкам“ не падавалі рукі. У сямьі ж Луцкевічаў, якая жыла ўспамінамі аб наполеонаўскім паходзе і паўстаньнях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў францускае рэвалюцыі і паўстанчэскімі настраеньнямі, панаваў заўсёды шчыра дэмакратычны дух, — і гэтым духам былі прапітаны дзеці, шукаўшые ў школі дружбы не панічоў, а сыноў мужыцкіх. Іван Луцкевіч зышоўся з таварышамі-літвінамі, гуртаваўшыміся каля старога літоўскага дзеяча, Амброзайтіса.