Старонка:Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (1920).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Даць абраз душы чалавека, з каторым мы яшчэ ўчора разам працавалі для вялікае і сьвятое ідэі і каторы, памёршы, ўсё яшчэ як-быццам далей жыве з намі, — гэта на сёньня лішне трудная задача: лішне крэпка яшчэ зьвязана Яго „я“ з усім, што робіцца навакол нас, каб Яго індывідуальнасьць можна было ўжо цяпер аддзяліць ад агульнае справы. Трэба многа часу, каб на фоне разьвіваючыхся выпадкаў ясна выкрысталізавалася Яго асоба; трэба, каб жыцьцё перарасло тое, што было створана Ім — Яго розумам, Яго мысьляй, Яго сэрцам. І толькі тады можна будзе за дзелам Яго жыцьця дагледзіць Яго самога.

Мы і не бярэмся за дэтальную характэрыстыку нашага памершага без пары таварыша. Мы хочам перш за ўсё паказаць тое, што было зроблена Ім за Яго кароткае жыцьцë для справы адраджэньня беларускага народу, — а ў успамінах жывых сьведкаў працы Яго закрануць толькі некаторые рысы Яго душы, асабліва зьвяртаўшые увагу акружаючых. Мы хочам паказаць, што можа зрабіць чалавек, які ўсей душой і сэрцам сваім пранікнуўся вялікай ідэяй і служэньню ей аддаў усе свае сілы духовые і матэрыяльные, — і ахвяруем гэту кніжку памяці Яго замест вянка на далёкую магілу ў першые ўгодкі Яго сьмерці.