Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА ХУТАРЫ.

I.

Убіраецца восень у стужкі
З масянжовых дубовых лістоў,
З ветрам ладзіць над крыжам задушкі
І вандруе між дрэваў, кустоў.

То дажджом пачне плаваць на рэчцы,
Бязупынным, драбнюткім, бы шрот;
То праменьнем на небе ўсьміхнецца,
Абальле яркім сонцам чарот.

Гляне сумна на цёмныя ўзгоркі,
Кіне вокам на поле, лугі,
Завядзе між сасонак гаворкі,
Затрасе на балоце стагі.

Па гасьцінцы жабрачкай кульгае,
Штось шапоча на сон іржаню;
Пад вакном ваўком шэрым мільгае,
З азяродам вядзе калатню.

Нібы кот, драпяне вакяніцу,
У завэндзаны комін зірне;
Запяе, загалосіць начніцай,
Пук саломы з страхі скубяне.

Туманом апранае фальварак,
Нібы ў шэры, вільготны кажух;
Вараньнё падбухторыць да сварак,
Вырай птушак спляце у ланцуг.