Перайсці да зместу

Старонка:Новыя матэрыялы аб Янку Лучыне.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВЯСНОВАЙ ПАРОЙ

Гараць лучы ранняй зоркі,
Свецяць божыя служкі,
Блісцяць расой усе прыгоркі,
Заспявалі птушкі.

Ціха ў полі, на балоце,
Спяць паўсюды вёскі,
Толькі вецер ў пералёце
Калыша бярозкі.
Ноч не спаўшы за гулянкай
На вяселлі, сваты:
Піліп Окунь з Бычком Янкай
Валаклісь дахаты.

Буркнуў Піліп, зубы сцяўшы
У гутарцы з Янам:
— Не прыкраўшы, не прылгаўшы,
Тай не будзеш панам!
Праўда, кажуць, за тры мілі,
А крыўда у хаце.
Не папаўся, не злавілі, —
Зух ты, пане-браце!

Дурна кажа салавейка,
Брэша сын сабачы:
Дай! дай!.. Песня та капейка!
Лепшы говар драчый:

Дзяры!.. бяры!.. Будзем есці
І мёд піці дзбанам,
Пры худобе і пры чэсці
Скора станеш панам.
А вароны што казалі,
Он там, у граніцы?..
Яны кажуць: кралі… кралі!..
Тай на шыбяніцы.


∗     ∗

Заходзіць сонца за горы,
Паклаліся цені па лесе.
Вяршыня старай аборы
Пазалацілася на стрэсе.

Ось, вецер цёплы ад рэчкі
Нясе пах з лесу жывіцы,
І польных цвяткоў і грэчкі
І мурматанне крыніцы.

Як ціха! Там, у патока,
Кулік часамі засвішча,
Толькі здалёка, здалёка
Шуміць з карчомкі ігрышча.