Перайсці да зместу

Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што йна кажа? — пытаемся.

— Кажа: ізноў прыдуць немцы. Дурная баба! — тлумачыць старэнькі жмогус з голенымі вусамі.

XX

22 верасьня.

Учора выехалі ў першай гадзіне ночы. Ехалі па вялікай гразі, пад дажджом, на перанізваючым ветры.

Потым дзень зрабіўся ясны, сонечны, але не пацяплела, — сьцюдзёна. Ля касьцёлу стаялі… грымнулі стрэлы з гармат і вінтовак! Нашы ці нямецкія, — ня ведаю, але нешта дужа блізка. Слабасьць духа, страх сьмерці апанавалі мяне.

З паўдня адкрылі бой за сялом. Страляніна на ўсім фронце. Відаць, дашлі да нямецкіх пазыцый. Наглядальнік 1-ае батарэі казаў, што ў трубу Цэйса відаць, як на далёкім-далёкім узгорку пагульваюць немцы, але нашы гарматы там не дастаюць. Трашчэлі й кулямёты, але найболей біла артылерыя.

23 верасьня.

Бой як пачаўся ўчора, так ішоў усю ноч і сяньня йдзець. Гэта першы раз, каб уначы так палілі з кулямётаў і вінтовак.

— Пажар! Пажар! — закрычэлі нашы тэлефоністы блізка поўначы. Я загледзеўся на прыгожы абраз: ад знараду загарэўся дом ці стог хлеба, дым палавы, а потым чорны, густы, з языкамі полымя, прэцца ўгару к цёмнаму небу. А гэтым часам па ўсім фронце гудзіць, шуміць, бэхае, сьвішча, трашчыць. Кулямёты, бяз ліку іх з усіх бакоў: тр, тр, тр!..