Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

не дапусьціць.. Мы першыя не пачнем, але калі Нямеччына палезе, мы разабʼём ёй морду ў квас. Яна, пархатая, зажырэла, бо ўжо сорак год не ваявала. Дык мы ёй пакажам! А пакуль што, братцы, трэба пераехаць на зімовыя кватэры, каб быць бліжэй да ворага. Нну, ррасхадзісь!

Вось дык навіна!..

Адны маўчалі, задумаліся, другія з выгляду павесялелі, зашумелі. Але ўсё гэта было толькі звонку... А што рабілася ў сэрцы кожнага?

Я спачатку ня мог сабраць думак, уцяміць усяе важнасьці пачутага, але неяк мімаволі ўсьцешыўся, што ня трэба мне будзе цягнуць вастрожнае жыцьцё цэлых два гады, што жыцьцё пойдзе ўжо цікавейшае, што я трапіў у кашу лоўка...

Потым стаў сам сябе сароміць за гэткія думкі: быццам я радуюся вайне.

І сорамна прызнацца, але мне хацелася, каб яна была, каб прышла нейкая перамена.

Я задумаўся і над прамоваю камандзіра. Няўжо-ж можна намовіць салдата ісьці на вайну з уздымам пачуцьця, каб бараніць нейкую Сэрбію? „Адзінаверную“, калі яна далёка не для ўсіх нашых батарэйцаў адзінаверная, бо ёсьць мусульмане, юдзеі, каталікі. І якія няпрыгожыя словы „зажырэла“, „пархатая“, „морду ў квас“, што я нават і не чакаў ад нашага камандзіра.

Захацелася пісаць лісты дамоў і знаёмым. Сеў пісаць — і ня пішацца. Лепей пачакаць яшчэ троху, пакуль справа ня зробіцца сьвятлейшаю.