Перайсці да зместу

Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

С. мне з радасьцю і шчыра пахваліўся, што заходзіў да жонкі аднаго свайго прыяцеля, таксама падпрапаршчыка, які цяпер на вайне. Яна дужа добра прыняла яго, частавала, гарбатаю паіла, прасіла, каб болей казаў пра мужа, пра вайну — і з вялікае ласкі запрасіла яго начаваць у яе і спала з ім, усё гамонячы. — Слаўная жанчына! На рэдкасьць! — казаў С. І мне гэта ня было прыкра, і навет падабалася.

Кожную ноч сьняцца сны, што я ў батарэі, што нас абстрэльваюць, канец, канец… — Тра-та тах! — над галавою. Кідаюся ў акопчык. Чую: па сьпіне, па назе сыплюцца палючыя, дробненькія ўдары куль. — „Раніла! — Ці ня ў жывот? Можа, я ўжо паміраю?“… І прачынаюся ў страсе.


Сьмяротная нуда… Сястра спыталася ў мяне: ці хачу я вярнуцца на пазыцыю? Ад гэтых разумных сёстраў жыцьця няма. Здаецца, у газэтах, праклятая, піша. Ваяўніча настроена… Ну, йдзі сама, ваюй.

А ў другой палаце гаманлівая няня распусьціла язык аб некім: „Памрэць… Няма што гаварыць. У гарачую ваду доктар пасадзіў“.


Суседу майму сяньня рабілі апэрацыю: адрэзалі руку. Усю ноч не даваў спаць, а перад тым ляжаў цэлы дзень, як мёртвы. А цяпер: — „Братцы!.. За родзіну!.. Асьцярожна!.. Кінем ранцы!.. Камандзір палка… братцы!..“