І апэрацыя… Страшна. Будуць рабіць пад хлораформам. А што, як сэрца ня вытрымае? Слухаюць — адзін доктар, другі доктар… Чаго яны маўкліва перакідаюцца вачмі? Сястрыца бразгае апэрацыйным начыньнем, раскладае нейкія бліскучыя ножычкі і ўсякія штукі. І яна-ж нэрвуецца… дура!
Голы ляжаў на стале, у ваднэй кашулі, без нагавіц. Тут сораму няма. Але ўсё ж брыдка… Сястра маладзенькая, харошая…
Паклалі на твар сетачку, запахла хлораформам, і ўзяла цікавасьць, як гэта наступае той сон.
Мне здалося, што я апускаюся некуды, апускаюся, паляцеў…
— Лічыце да поўсотні, — кажа стары доктар.
— Адзін, два, тры, чатыры, пяць…
І лічыў, і лічыў: пятнаццаць… дваццаць… трыццаць… трыццаць адзін, трыццаць два… І думаў: „Вось, можа, і не засну… Яшчэ будзе клопат“… Толькі цела некуды ўсё глыбей і лягчэй ляціць, ляціць, ляціць… Прыемны і хваравіты лёгкі туман засьцілае думкі… Уніз, уніз, уніз… Сорак два, сорак тры… Шэптам: сорак ча-ты-ры… Ледзьва чуваць: сорак… пяць… Канец.
Няма прытомнасьці. Налічыў да 45 — і памёр. Так, мусіць, і паміраюць людзі, з такой-жа паступовай утратаю прытомнасьці.
Калі цела рэзалі вострымі нажамі, калі перабіралі шчыпчыкамі жылы, калі скрозь дзірачкі ў жывым мясе працягвалі дрэнажныя трубачкі, калі