Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

но, аж троху падкінула мяне. Я падумаў, што ўдарыла адляцеўшым каменем ці мёрзлым камком зямлі. Шчупнуў рукою, — мокра, зірнуў — кроў?.. І млявасьць пашла па целе, а крануў нагою наўмысьля, каб ведаць, дык адзервянела, як бывае, што заседзіш, і замлее. Я агледзеўся: дзе ж той камень, што так дужа рэзнуў мяне? — „Вольнапісанага раніла!“ — крыкнуў над вухам адзін нумар, якога я ведаў толькі ў твар, а на ймя ня ведаў. Нехта зараз адпароў ад маіх штаноў прышыты асабовы бінток, адшпіліў мне адзежу і туга абкруціў мне ім нагу па голым целе (бруднаватым, што мне чамусь было сорамна!). Я нагінаўся на бок, каб убачыць рану, ды дастаць вокам — і ўзноў мне было сорамна і нібы нейкая крыўда, што ў такое месца трапіла. — „Паўзіце, паўзіце!“ — загадаў узводны, і я папоўз назад, на рэчку, пад бераг. Зрабілася заціш да чароднага залпу, і я ўзьняўся паўзьці, а тады пашоў, цягнучы нагу і папіраючыся з аднаго боку шашкаю, а з другога карабінам. Быў рад, што не забіла і што ранены, паеду з фронту, але мучыўся і корчыўся, нямаведама чаго, болей як трэба, — баяўся, каб яшчэ не забіла, не папсавала шчасьця, дык наўмысьля павялічваў сваю больку нямаведама перад кім, што во глядзі, не чапай ужо мяне. Прапаршчык Валк ішоў міма і спытаўся спагадліва: „Вы ранены?“ — „Няўжо-ж не!!“ — пабеларуску і грубіянскім голасам адказаў я, і гэтак было сказана неспадзявана для мяне самога. Валк і не пачуў ці, можа, не зразумеў, што я сказаў, і пашоў.