Нязвычайна яскрава спамінаю ўчорашні сон… Я ў сваёй вёсцы… Чырвоныя-чырвоныя, аж чорныя, сьліўкі ля Паўлюковага саду, на зямлі, на вуліцы, ля плоту… Ідзець Максім, салдата Захаронка сын, з ім яго жонка, і ў яе на ўлоньні іх „свавольны“ дзіцёнак… І нейкі кот драпаець яму яго дзяціны твар… Я з імі здароўкаюся, як заўсёды ў нас вядзецца. Але, абмінаючы іх, заўважаю, што адна нага ў мяне як быццам карацейшая?.. А трымаюся героем! Пашоў… Сустрэўся з сваёю даўнаю сымпатыяй — Зенаю, сястрою гэтага самага Максіма. Прапусьціла мяне пільна вачмі, а я быццам нічога і не заўважыў…
Усё ізноў сьціхла. Ніхто нічога ня ведае, адкуль і хто страляў, што такое? Камандзір наш нездаволена гамоніць пра нешта з камандзірам дывізіёну.
Той разводзіць рукамі…
Строімся, супакайваемся, едзем далей. Тэлефонкі з камандзірам — наперадзе. Перад намі ідзець батальён пяхоты, за намі — таксама.
Ізноў усё спакойна…
Толькі ліха нагнала зайцоў. Адкуль іх столькі? Адзін кінуўся якраз цераз дарогу. Камандзір пераксьціўся і дзеля чагось збочыў (адзін, без ардынарца і разьведчыкаў) і паехаў далёка ад дарогі ўправа. Мы едзем дарогаю далей. А ён захацеў, мусіць, абмінуць, што заяц перабег дарогу…
Стаім. Ізноў нейкая трывога далёка сьпераду, на дарозе… Чаго чакаем? Камандзір некуды паехаў з старшым.