драньню, трэба нам было лезьці за сэрбаў, яны там што году ваююць. Колькі нашага брата вышла на вайну, а што нам: прыбавіцца хоць па дзесяціне ай што? Чаго не хапаець багатым чарцям, што лезуць у вайну? Здаецца, і сыты і п‘яны. З жыру шалеюць, сволачы, а ты за іх жыцьцём накладай“. Казаў разважна і самавіта і хлябаў гарачую сьпітую гарбату. І мяне частаваў гарбатаю.
XXXI
Пішу па абедзе (24-га кастрычніка). Выехалі… бо аказалася, што нямецкія акопы — пустыя. Начою немцы цішком уцяклі.
Едзем…
Восеннае сонца спакойна гуляе. Ветракі-млыны заснулі. Пустынна. Аднак, там-тут пачынаецца сонны рух. Жыхары, як пчолы вясною з вульля, асьцярожна выпаўзаюць.
Во, збоку шосы калдыбае вольны чалавек. Падняў з зямлі каску раздушаную колам, падзяржаў двума пальцамі і кінуў у канаву. Двое хлопцаў зьбіраюць гільзы. Паднялі паломаную стрэльбу, але ўбачылі салдатаў, кінулі яе й пабеглі ўцякаць.
На гаці ў яме ляжыць здохлы конь. Раздуўся, як гара, і ўжо сьмярдзіць. А ў багне пакінута пустая нарадная скрынка. На ўзгорку — доўгая альлея старых ліпін, дзеля чагось бяз жаласьці сьсечаных.
Цягнуцца акопы немцаў. У іх — пярыны, лаўкі, сталы, бляшаныя печкі, гаршкі з літоўскіх хат. Валяюцца пляшкі, гарахвяныя консервы, папера ад