рэйцы — з імі. Сізоў ласкава шлёпаець шашкаю па сьпінах, падганяе! Страляе другое! Гранатаю, гранатаю! Дзе-ж людзі? Зьбягаюцца спозьненыя нумары… Жарнулі-б усёю батарэяю, — людзей мала! Скарэй! Скарэй! Скарэй!!!
Радасьць, радасьць! З гары крычаць: „Абстрэлены аэрастат спускаецца на зямлю, спусьціўся, спусьціўся!“ Спусьціўся…
А калі я бег сюды міма хутаркоў, з бліжэйшага двара вышлі тры старыя жмудзінкі, ідуць — шалёныя — на другі хутарок.
— „Куды вы? Азад!! — памятаю, крыкнуў на ix, як у нас крычыць пастух на кароў. — Заб‘юць вас тут, у пограб лезьце, хавайцеся“! Не разумеюць маёй мовы жмудзячкі… Сьвірэпа махаю на іх абедзьвюма рукамі, каб вярнуліся. Пастаялі, паўзіраліся, назад панура папляліся.
Потым мы акопы капаць, тэлефоны правадзіць завінуліся. Уся батарэя страляць пачала.
Да цёмнага стралялі.
Тэлефон наш зараз перабіла (адразу два драты). Чатырох батарэйцаў раніла: фэрвэркера Абаротавага, Пічугіна, Баяшку (цяжка) і запаснага Чысьцяковага. А якія былі страты ад пераезду — пакуль што ня ведаю. Кажуць, аднак, што зусім маленькія: чалавек пяць, ездавых і нумароў, лёгка параніла, — і ўсё. І мяне дзівіць: ці гэта шчасьлівы выпадак, што мала стратаў пасьля такога пякельнага абстрэлу, ці што?