Перайсці да зместу

Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прышла мне тэлеграма; яна мяне спалохала была страшна і зьдзівіла. — „Вам тэлеграма!“. — „Дзе? Якая? Што такое?“ „Сьцяпана забралі. Паведамі здароўе“… Аж яна ішла даўжэй за ліст! А я быў падумаў: няўжо каго забілі?

На гэтай пазыцыі маем ужо 4 забітых, 8 раненых і адну папсаваную гармату. І гэта ў батарэі, а што-ж у пяхоце?

Кажуць, быццам 10-я армія (ген. Мішчанкі) абайшла немцаў і пагнала. Яны павінны й тут уцячы, і гэтага ўсім нам дужа хочацца, бо чацьверты дзень стаім у нейкім напруджаным чаканьні — і калеем у дрэньненькіх акопах.

Камандзір N-ае батарэі ехаў ля нас п‘яны, чырвоны, з заліхвацкімі бураватымі вусікамі і крычэў: „Хлопцы! Камандзір корпусу загадаў узяць пазыцыю ўва што-б тое ні стала“.

Першая батарэя некуды паехала; уначы, мабыць, і мы пераедзем.

Прыехаў у нашу батарэю новы афіцэр, толькі што прайзьведзены падпаручык Сізоў. Маладзенькі, далікатны й сарамлівы, як дзяўчына. Але стройны, высокі, прыгожы. Усё ў яго новенькае. Жоўтае сядло скрыпіць і пахне фабрыкаю. Новенькая шэрая шынэль — дя пят, з дзявочым станам і выстаўляецца на грудзёх кругла й выпукла. Пазнаёміўся са мною як з роўным. Сядзеў у нашым, тэлефонным, акопе і шмат чаго казаў нам і частаваў нас цукеркамі і чакалядай. Ён хоча быць для ўсіх добры й даступны.