Старонка:На паняволеных гонях (1928).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ДЭФЭНЗЫВЕ

Палачы, акупанты, фашысты,
Здраду хочаце вырваць з жыцьцём.
Мае раны пад вашым біцьцём
Загамоняць больш цьвёрда, вагніста,
Што ня выдам братоў палачом.

Выдумляць горшы зьдзек, катаваньне
Не патрэбны турботы для вас.
Што мне боль, калі ў гэты я час
Палыхаю жаданьнем паўстаньня
Шматмільённых прыгнечаных мас!

Хоць вы сэрца на часткі парвіце,
У кожнай частцы жыць буду, каб мсьціць,
Помсты нашай нічым не згасіць.
Блізкі час, калі мы бліскавіцай
Тут запалім часы навальніц.