Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

літаратурных выяўленьняў — пакуль што адзіночная зьява ў беларускай літаратуры. Да таго трэба дадаць кіпучую, поўную энэргетызму, політычна-організатарскую чыннасьць пісьменьніка. Багацьцю літаратурных выяўленьняў адпавядае і багацьце жыцьцёвых праяў Гартнага. Селянін-пастух, гарбар-рамесьнік, рабочы на фабрыцы і ў выдавецтве, політык і грамадзкі дзеяч, старшыня першага беларускага Саўнаркому і організатар выдавецтваў, — вось зьмена профэсій і стану, якую прайшоў дагэтуль Ц. Гартны. Далей трэба адзначыць зьмену месц і знаёмства з шырокім колам рознастайнага матэрыялу чалавечых душ. Провінцыяльны Капыль — напоўвёска, напоўмястэчка, — месца нараджэньня поэты, месца, дзе ён правёў свае дзіцячыя гады. А далей ідзе цэлы шэраг гарадоў і мястэчак, дзе пабыў поэта. Кіеў, Вілкамір, Менск, Вільня, Магілеў і амаль усе беларускія гарады; урэшце — Рыга, Ленінград, Масква, Харкаў, Смаленск. Пачынаючы з 1920 г. пісьменьнік нібы асталёўваецца ў Менску, сталіцы Савецкай Беларусі, на змаганьне за якую ён аддаў свой талент і сілы. Але і жывучы ў Менску, пісьменьнік не пакідае пашыраць свой кругавід, робячы амаль штогод паездкі ў культурныя старонкі Заходняй Эўропы — Нямеччыну, Паўднёвую Славію, Франрыю ды інш.

Годы рэволюцыі і непасрэдны ўдзел у рэволюцыйным змаганьні шырока рассунулі разумовы кругавід пісьменьніка ды ўзбагацілі яго жыцьцёвае дасьведчаньне.

Бязумоўна, што на грунце гэтага дасьведчаньня яшчэ больш можа разьвінуцца ў далейшыя гады літаратурная чыннасьць Гартнага, і „беларус-самародак“ здолее даць працы, якія яшчэ больш замацуюць тое сапраўды выдатнае месца, якое ён заняў у беларускай літаратуры.