Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Галоўны дадатны бок твору М. Гартнага — гэта монумэнтальнасьць пабудовы і шырыня сюжэту роману. Наша літаратура наогул не багата монумэнтальнымі творамі. Кароткія вершы і поэмы, кароткія апавяданьні, — вось што ў большасьці мы маем да нашага часу. Каб ня быць галаслоўным, даю факты. У Якуба Коласа — пакуль што — адно грунтоўнае апавяданьне, — аповесьць „У Палескай глушы“. У М. Гарэцкага — адно, — „Дзьве душы“. У іншых прозаікаў, як, напр., у З. Бядулі, ніводнага. Ня буду гаварыць аб малодшых пісьменьніках. Пакуль што нічога монумэнтальнага імі ня дана. Некаторым выключэньнем можа зьявіцца аповесьць Зарэцкага „Голы зьвер“, але ў канцы-канцоў гэта — не аповесьць, а апавяданьне звычайнага тыпу. Чым вытлумачыць гэтую зьяву ў галіне нашага прыгожага пісьменства? Думаецца, што тут пэўную ролю іграе традыцыя. Першыя беларускія часопісі, як, напр., „Наша Ніва“ і „Наша Доля“ ўжо з прычыны матэрыяльных абставін не маглі друкаваць больш-менш вялізных твораў. І першыя беларускія выдавецтвы прымушаны былі абмяжоўвацца выпускам кароценькіх брошурак. Пісьменьнікі, якія вырасьлі на глебе „Нашае Нівы“, яшчэ і цяпер знаходзяцца пад уплывам мінулага. Адсюль апавяданьні, я-б сказаў, фэльетоннага тыпу. Але гэта — яшчэ нішто. Шкада тое, што да традыцыі далучаецца ляна і расхлябанасьць, якія наглядаюцца цяпер наогул у галінах нашае вытворчасьці. „Абы як“, „абы што“, балазе скарб-бацька ўсё сьцерпіць, — гэтыя тэндэнцыі даюць сябе знаць і ў літаратурнай галіне. Адсюль, у нас друкуецца, залішне ўсякай непатрэбшчыны, усякай дробязі, якой у іншыя часы належала-б месца не на старонках друку, а ў кошыку рэдактара. Асабліва шмат дробязі даюць маладыя пісьменьнікі… Аднак, трэба памятаць, што ня дробязь, а солідныя творы