Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кожны з гэтым згодны, бо ўсе ведаюць, што толькі ў акопах спыняецца падцягваньне, але што за некалькі кілёмэтраў ад фронту яно пачынаецца зноў, выяўляючыся ў цалкам бяссэненых рэчах, нашталт аддаваньня чэсьці і параднай маршыроўкі. Бо існуе жалезны закон: салдат ніколі не павінен заставацца бяз справы.

Але вось зьяўляецца Т’ядэн, з чырвонымі плямамі на твары. Ён да таго ўзрушаны, што заікаецца. Зьяючы, ён адбівае:

— Гімэльштос на дарозе сюды, ён накіраваны на фронт!

Т’ядэн асабліва злосны на Гімэльштоса, бо той паводле ўласнага мэтоду выхоўваў яго ў запасным батальёне. Т’ядэн хварэе на нятрыманьне мачы ўначы. Гімэльштос рашуча заявіў, што гэта ад гультайства, і абраў варты яго спосаб, каб вылечыць Т’ядэна.

Ён знайшоў у суседнім бараку салдата, які таксама хварэў на нятрыманьне мачы, па імені Кіндэрфатэр. Ён зьмясьціў яго разам з Т’ядэнам. У бараках ложкі былі разьмешчаны па звычайным узоры, — адзін над другім, прычым матрацы былі з сеткі. Гімэльштос разьмясьціў абодвух салдатаў так, што адзін быў на верхняй койцы, а другі — на ніжняй. Сподняму, вядома, даводзілася кепска. Затое наступным вечарам яны памяняліся месцамі, — ніжні, у выглядзе ўзнагароды, атрымліваў верхнюю койку. Гэта было самавыхаваньне па Гімэльштосу.

Выдумка была подлая, але сама думка добрая. Нажаль, гэта не дапамагло, бо само меркаваньне было памылковым: адбывалася гэта зусім не ад гультайства. Гэта мог прыкмеціць кожны, паглядзеўшы на хваравіты колер іхняй скуры. Справа скончылася тым, што адзін з іх спаў на падлозе; прычым ён, вядома, рызыкаваў застудзіцца.

Гайе між тым таксама ўсеўся побач з намі. Ён прыплюшчвае вочы, гледзячы на мяне, і ў задуменьні трэ свае кулакі. Мы разам з ім перажылі найлепшы дзень нашага казарменнага жыцьця. Гэта было напярэдадні адпраўленьня на фронт. Мы былі залічаны ў адзін з палкоў з вялікім парадкавым нумарам. Перад адпраўкай мы сьпярша былі адасланы назад у гарнізон для абмундзіраваньня, але не ў вэрбавальнае дэпо, а ў іншую казарму. На другі дзень ледзь золак меркаваўся наш ад’езд. Увечары мы прырыхтаваліся да таго, каб паквітацца з Гімэльштосам. У гэтым мы прысягнулі два тыдні назад. Кроп нават пайшоў далей, парашыўшы ў мірны час паступіць на службу ў паштовае ведамства, каб пазьней, калі Гімэльштос зноў будзе лістаносцам, зрабіцца яго начальствам. Ён загадзя цешыўся з таго, як