Я нагінаюся да яго твару, які ляжыць у прыцёмку. Ён яшчэ дыхае, зусім ціха. Яго твар мокры, ён плача. І чорт-жа мяне таргануў за язык з маёй неразумнай гаворкай!
— Ну, Франц! — я абдымаю яго за плечы і прыціскаючыся тварам да яго твару. — Ты, можа, засьнеш цяпер?
Ён не адказвае. Сьлёзы зьбягаюць па ягоных шчоках. Я хацеў-бы іх выцерці, але мая насоўка вельмі брудная.
Праходзіць гадзіна. Я напружана сяджу і назіраю за выразам яго твару, чакаючы: можа ён захоча яшчэ што-небудзь сказаць.
Хоць-бы ён адкрыў рот і закрычэў! Але ён толькі плача, адвярнуўшы галаву ў бок. Ён нічога не гаворыць аб сваёй матцы і сёстрах — усё гэта ўжо засталося пазаду; цяпер ён самотны з сваім невялічкім, дзевятнаццацігадовым жыцьцём, і ён плача, таму што жыцьцё пакідае яго.
Гэта самае жаласнае і цяжкое расстаньне, якое мне калі-небудзь даводзілася бачыць, хоць ня лепш было з Тыджэнам, які дзікім голасам клікаў сваю матку; гэта быў дужы, як мядзьведзь, хлапчына; ён з вылупленымі ад жуду вачыма адганяў доктара ад свайго ложка цесаком да таго часу, пакуль ня выбіўся з сіл.
Раптам Кемэрых застагнаў і пачаў хрыпець.
Я ўскокваю, выбягаю з палаты і пытаюся:
— Дзе доктар, дзе доктар?.. — Убачыўшы яго белы халат, я назаляю: — Ідзеце хутчэй, інакш Франц Кемэрых сканае.
Ён вызваляецца і пытаецца ў аднаго з санітараў:
— У чым справа?
Той адказвае:
— Ложак дваццаць шосты, ампутацыя бядра.
Ён бурчыць:
— Адкуль мне ведаць пра гэта? Я сёньня ампутаваў пяць ног.
Ён адштурхнуў мяне і гаворыць санітару: — Паглядзеце! — а сам зьнікае ў опэрацыйнай.
Ідучы разам з санітарам я трасуся ад шаленства. Той глядзіць на мяне і заўважвае:
— Адна опэрацыя за другой ад пяці гадзін раніцы, скажу я табе. За адзін сёнешні дзень шаснаццаць чалавек памерла. Твой семнаццаты. Напэўна будзе цэлых двадцаць…
Я слабну. Я трачу сілы. Я не хачу больш лаяцца. Гэта ня мае сэнсу! Мне хацелася паваліцца і ніколі больш не ўставаць.