Ён робіць мне знак, каб я наблізіўся. Я нахінаюся над ім і ён гаворыць шэпатам.
— Я гэтаму не даю веры!
— Не кажы глупства, Франц! Дні праз два ты сам пабачыш. Не такая ўжо сур’ёзная справа — ампутаваная нага; тут вылечваюць і не такія рэчы.
Ён паднімае руку.
— Глянь сюды на гэты палец.
— Гэта ад опэрацыі. Ты толькі харчуйся добра, тады пачнеш ачуньваць. Вас добра кормяць?
Ён паказвае на місу напалову яшчэ поўную. Я абураюся:
— Франц, ты павінен есьці. Ежа — гэта самае галоўнае. Тут-жа кормяць вельмі добра.
Ён адмахваецца ад мяне. Пасьля невялікай паўзы ён павольна гаворыць:
— Некалісь-ці я жадаў зрабіцца старэйшым лясьнічым.
— Дый ты і цяпер здолееш заняцца гэтай справай, — спацяшаю я яго. — Цяпер робяць раскошныя протэзы, ніхто і не заўважыць, што ў цябе няма нагі. Яны прымыкаюць да мускулаў. Пры протэзах для рук можна рухаць пальцамі і працаваць, нават пісаць. Апрача таго, у далейшым будуць вынайдзены ўсё новыя і новыя ўдасканаленьні.
Ён ляжыць праз некаторы час моўчкі. Потым гаворыць:
— Ты можаш узяць для Мюлера маі бацінкі.
Я ківаю і думаю пра тое, што-б сказаць яму, каб яго падбадзёрыць? Яго губы стушаваліся, рот зрабіўся большым, зубы тырчаць з роту і здаецца што яны нібы з крэйды. Цела яго растае, лоб робіцца больш пукатым, сківіцы выдаюцца. Шкілет праціскаецца скрозь скуру. Вочы ўжо праваліліся. Праз некалькі гадзін ён сканае.
Ён ня першы, якога я бачу такім, але мы з ім выгадаваліся разам і гэта ўсё-ж дае некаторую розьніцу. У школе ён часьцей за ўсё насіў цынамонавы гарнітур з паскам. Гарнітур гэты быў дужа пацёрты на локцях. На лекцыях гімнастыкі ён быў самы хвацкі ад нас. Валасы ў яго рассыпаліся па твары, як шоўк, калі ён набіраў вышыню. Канторэк дзеля гэтага ганарыўся ім. Папярос Франц не пераносіў. Скура ў яго была вельмі белай, і ў ім наогул было нешта, што нагадвала дзяўчыну.