Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

надзвычайна простае, яно абмяжоўваецца самым неабходным, усё астатняе ляжыць у глыбокім сьне; гэта наша прымітыўнасьць — наш паратунак. Былі-б мы складнейшымі, мы-б даўно вар’яцелі, дэзэртыравалі, або былі забітымі. Гэта падобна на экспэдыцыю ў палярныя льды: драбнюткая праява жыцьця паважна служыць толькі змаганьню за існаваньне, і яна хоцькі-ня-хоцькі гэтым абмежавана.

Усё астатняе выгнана, бо яно толькі дарэмна зьнясіляла-б. Гэта адзіны спосаб выратавацца, і я часта сяджу перад самім сабою, як перад чужым, калі загадкавы адсьвет мінулага ў спакойныя гадзіны выдзірае з мяне, як матавае люстра, абрысы майго сучаснага быцьця і тады я зьдзіўлены тым, як нерастлумачальная актыўнасьць, якая завецца жыцьцём, прыстасавалася нават да гэтай формы. Усе іншыя праявы ахоплены зімовым спаньнем, жыцьцё заўсёды на варце сьмерці: яно парабіла нас на мысьлячых зьвярын, каб надзяліць нас зброяй інстынкту, яна надзяліла нас тупасьцю і нячуласьцю, каб мы не зваліліся перад страхам, які пры ясным і сьвядомым мысьленьні перамог-бы нас, яна абудзіла ў нас дух таварыскасьці, каб мы ня кінуліся ў прадоньне роспачы, яна абдарыла нас абыякасьцю дзікуноў, каб мы, ня гледзячы ні навошта, адчувалі кожную частачку дадатнага і назапашвалі яго ў сябе для змаганьня супроць цемрадзі і няўпэўненасьці, што асільваюць нас. Так мадзеем мы ў жорсткай замкнёнасьці на самай паверхні, і толькі зрэдку якое-небудзь здарэньне нараджае іскру сьвятла. І тады раптам прарываецца полымя цяжкай, прыгнечваючай тугі.

Гэта самыя небясьпечныя моманты, якія паказваюць — наша прыстасаваньне штучнае, што гэта ні ў якім разе не спакой, а толькі наймацнейшае імкненьне да яго. У нашых знадворных праявах жыцьця мы ледзь адрозьніваемся ад бушмэнаў, але ў той час, як тыя застаюцца заўсёды як яны ёсьць і фізычным напружаньнем могуць разьвінуць да максымуму свае духоўныя сілы, у нас адбываецца наадварот: нашы сярэдзінныя сілы напружаны не для руху наперад, а для рэгрэсу. Бушманы простыя і натуральныя, мы-ж энаходзімся ў заўсёдным штучным напружаньні.

І з жахам адчуваем уначы, калі прачнешся ад жахлівых постацяй зданьняў, якія нахлынулі зьнянацку, — адчуваем, што мізэрна тая грань, што аддзяляе нас ад цемрадзі, што мы маленькія агенчыкі, якія абаронены толькі кволымі сьценкамі ад навальніцы вар’яцтва і роспачы, у якім мы дрыжым і іншы раз амаль гінем.