Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я амаль гатовы плакаць. Я не пазнаю сябе. Але ўсё зноў будзе добра тут, з Катам і Альбэртам і іншымі. Тут маё праўдзівае месца.

— Табе пашанцавала, — шэпча мне Кроп перад тым як заснуць. — Гавораць, што мы накіруемся ў Расію.

— У Расію? Там-жа больш няма вайны!

У аддаленьні грыміць фронт. Сьцены баракаў дрыжаць.

Праводзіцца генэральная чыстка. Адзін агляд ідзе за другім. З усіх бакоў нас рэвізуюць. Усе падраныя рэчы заменьваюць на новыя. Пры гэтым я атрымліваю зусім новую куртку, а Кат — нават усё абмундыраваньне. Ходзяць чуткі, што будзе мір, аднак другая вэрсія больш верагодная: што мы будзем грузіцца ў Расію. Але на што нам у Расіі новае абмундыраваньне? Нарэшце, высьвятляецца: чакаюць прыезда кайзэра. Вось прычына ўсіх гэтых аглядаў.

На працягу васьмі дзён можна было падумаць, што мы знаходзімся ў казармах для новабранцаў, так нас апрацоўвалі і прымушалі практыкавацца. Усе злосныя і нервовыя, бо празьмерная чыстка нам не дае нічога, а стройная маршыроўка — і таго менш. Іменна гэткія рэчы назаляюць салдатам больш за акопы.

Нарэшце, надыходзіць доўгачаканы момант. Мы стаімо сьмірна і зьяўляецца кайзер. Нам цікава, які ён з сябе. Ён ідзе ўсьцяж фронту, а я некалькі расчараваны: па портрэтах я ўяўляў яго больш вялікім і магутнейшым, і перад усім — з грымотным голасам.

Ён раздае жалезныя крыжы і размаўляе з тым-другім. Потым мы адыходзім. Т’ядэн гаворыць зьдзіўлена:

— Гэта самы галоўны начальнік, які толькі ёсьць. Перад ім кожны павінен станавіцца ва фронт. Усе без выключэньня. — Ён разважае: — перад ім Гіндэнбург таксама павінен станавіцца ва фронт, так?

— Ну, так, — падцьвярджае Кат.

Т’ядэну гэтага не хапае. Ён раздумлівае некалькі часу і пытаецца:

— Ці павінен кароль станавіцца ва фронт перад кайзерам?

Ніхто дакладна гэтага ня ведае. Мы мяркуем, што не. Яны абодвы да таго ўладныя, што тут ужо напэўна, ня можа быць і гутаркі пра ставаньне ва фронт.

— Якую лухту ты здумляеш? — гаворыць Кат. — Галоўнае тое, каб ты сам станавіўся ва фронт.

Але Т’ядэн зусім расчараваны. Яго, дужа бедная ў іншых галінах, фантазія работае да зьнясіленьня.