Падумайце толькі… Хіба вам Кранцэвіч не зрабіў клопату, гора?
Гора? Дык якая-ж гэта зьнядольная жанчына-маці ня ведае цаны свайму гору? Дык хіба даруе яна таму, хто пакрыўдзіў сына, хто крануў сетку тых пачуцьцяў у істоце маткі, якімі аплецена гора? Крані сетку, прачнецца гора, засмыліць болем сардэчным, ляжа зморшчынай на худым твары і — —
— Справа сама ў рукі, Патапенка, прыйшла. Выпусьціць з рук гэты выпадак — гэта азначае даць повад усялякім гутаркам, гэта… ну, як тут лепш сказаць?.. гэта азначае выпусьціць з рук козыры.
Цёплым позіркам абмацаў Патапенка ўзнэрваванага Шастакова. Прыкрываючыся газэцінай, ён сказаў:
— Ціха, ціха! Ты, здаецца, гатовы мяне забіць! Будзь ласкаў, сьціхні і садзіся. Ну, і гарачы вы народ, адкуль гэта ў вас бярэцца толькі!
Націск абурэньняў ракатаў у істоце Шастакова, але цёплыя жартоўныя словы Патапенкі абурэньне сьцішылі, улашчанай зьвяругай стаілася яно.
— Аўторытэт ячэйкі гэтым судом узьнімем, вось пра што ня трэба забываць. Нам расьці і расьці, а быт трухлявы наставіў дышла, замінае. Біць, біць такіх сволачаў трэба.
Газэта ў руках Патапенкі зноў удавала з сябе моцную, трывалую заслону.
— Правільна, Шастакоў. Правільна. Хіба я супярэчу, хіба не разумею? Але скажы, што ты ад мяне хочаш?
— Абвінавайцам будзь, вось што.
Патапенка аж успацеў.
— Ну, пасьля такой атакі нават і спаслацца на нагрузку не магу. А чаму ня ўзяцца за гэта табе?
— Я засядальнікам буду… Ведаеш, у такіх справах я дужа гарачы, не цярплю гэтага. Ну, а тут трэба дасканала, спакойна паказаць клясавую сутнасьць справы… Я магу там
аблажыць падсуднага, а за кампанію — і абаронцу… Будзе нядобра.