— Ах, чарльстоны! — уздыхаюць стаходзкія красуні, робячы губкі, густа пафарбаваныя сумесьсю цэглы з лінолінам, банцікам. — Навучыце, навучыце, Ізя, чарльзону…
— Ня трэба адставаць ад эпохі, — з выглядам сталічнага льва, тонам прапаведніка доўжыць Ізя.
Потым ён выходзіць на сярэдзіну пакою, выварочвае наскі «шымі» ўсярэдзіну (— так ходзяць людзі, хворыя на грыжу), абцірае хустачкай твар і пачынае выкручваць нагамі вар’яцкія «па» чарльстону, паддаўшыся ўсёй постацьцю наперад.
— «Каб хаця вытрымала падлога», — ціха ўздыхае Эстэр, ставячы на стол эмаляваны імбрычак цыкорыю.
За сталом, засланым машастовай зялёнай сурвэткай, сядзяць старэйшыя. Тут — царства рабіна Калмановіча, тут — вырашаецца проблема ратаваньня моладзі ад хвароб часу.
— Ша! Досыць вам ужо вар’явацца. Ша! Рабін Мэер хоча сказаць слова.
Ён устае з крэсла, ягоная хударлява постаць выростае над зялёным полем стала, ягоным словам акомпануе лагодным вурчаньнем эмаляваны імбрычак.
— Маладыя людзі…
— врр-врр…
— Слухайце нас, старых яўрэяў…
— вурры-вурры…
Голас рабіна дасягае такое патэтыкі, якая ня сьнілася лепшым прамоўцам сусьвету.
— Што азначае малы Мотка? Эт, гэта яшчэ дробязь, але гэта дробязь можа перарасьці ў вялікае. Яўрэі!
— вэры, вэры, — падпявае імбрычак.
— Наступаюць часы страшэнных пакут, варочаецца ліхалецьце, пагромы і голад. Вы помніце, яўрэі, стаходзкія пагромы?!
— ррры-ррры, — рычыць імбрычак.
— Разам трэба трымацца, яўрэі, разам бараніць сваю веру, свой дом, сваіх дзяцей, ад пошасьці, што сьледам ідзе за комсамолам. Што чакае яўрэйства, калі рускія мужчыны