— Ой, Мэер, я бачу, што ў цябе мазгі выцякаюць. Ты, Мэер, асьлеп, не на людзях кажучы. Убі сабе ў галаву, што Роза ад рук адбілася, мне сорам па мястэчку прайсьці. Усюды, усюды гавораць пра мой няшчасны лёс!…
Эстэр да такой стэпені расхвалявалася, што доўга не магла патрапіць рукой у кішэню, каб знайсьці насоўку і абцерці сьлёзы.
Мэер задумаўся.
Ён пайшоў у суседні пакой, бразгануў умывальнікам, доўга абціраў рукі. Пасьля гэтага, узяўшы маліцьвеньнік, ён сказаў безапеляцыйным тонам:
— Добра. Я заўтра пагавару з Розай. Запалі лямпу.
Хістаўся ў маліцьве рабін. Хісталася лямпа. Хісталіся цені.
4
Навіна — (ад Менскай вуліцы, дзе жыў Беня-балагол, яна завярнула на Аптакарскую, трапіла на рынкавы пляц, папаўзла, нібы вусень па дрэве, перавулкамі і завулкамі) — усіх зацікавіла.
Цяпер, сустрэўшыся ля вазоў, гаварылі так:
— Добры дзень, Шэйна.
— Здаровенькі былі! Нешта дорага сёньня масла. Ліхія часы наступаюць…
— Эт, аб чым гаварыць, Шэйна! Масла дорага, недакупішся. — Паўза. Прыкры рух рукой. — Ды што масла! Вось людзі і тыя дзешава каштуюць.
— Чаму вы так кажаце, Соня? Няхай бог усьцеражэ нас.
— Я кажу пра Караткевіча.
— Hy?
— Вось я і кажу — забілі яго, а новага прыслалі на яго месца. Самі людзі і на сьмерць ідуць.
— Новага прыслалі?
— Так, прыслалі. Сёньня прыехаў.
Навіна ішла з хуткасьцю пажару. Увечары ўсё мястэчка павысыпвала на вуліцу, каб пачуць больш пэўныя весткі аб
прыехаўшым, каб угледзець яго.