— Га-га-га!
— Не, хлопцы, пэўне дзяўчаты купаюцца… Яначка і здрэйфіў!..
— Трымай трусы, Яначка, падаюць!
— Ха-ха! Глядзіце, аж загарэўся ўвесь!
Усе зірнулі на Калесьнікава цела, якое раптам пакрылася густой чырваньню. Галава унурылася ў плечы — постаць неяк скрывілася на бок.
— Хлопцы! Гайда сюды!
Штырхаючы адзін аднаго, пабеглі навыперадкі, а рогат і крыкі злучыліся ў адзін гуд, і гэты гуд ляцеў разам з хлапцамі.
Сталі.
— Караткевіч?
— Ігнась?
— Што гэта?
Стаялі і маўчалі. Глядзелі на яго — Ігнася Караткевіча, сакратара райкому — а ён ляжаў нярухомы і бесклапотны, нярухома стаяла вада ва ўпадзінах вачэй, на моцна сьцятых вуснах.
Маленькі Андрыенка, не чакаючы на тое, калі прыдуць у сябе здэтанаваныя таварышы, сказаў:
— Я пабягу ў міліцыю. Трэба што рабіць.
І ён пабег лугам — напрост — да мястэчка, а ўжо наўздагон крычаў Самайловіч:
— Да Патапенкі забяжыся. Расштырхай, калі сьпіць. Хай сюды ідзе.
Неўзабаве на беразе сабраўся народ.
Раззлаваны і ўстурбаваны прыбег Патапенка, на-хаду зашпільваючы гумовы палітон, — ён апрануў яго проста на кальсоны.
— Возьмем, хлопцы, яго адсюль.
— У райком нясіце.
Караткевічава цела паднялі і тады ўбачылі: на траве застаўся крывяны сьлед — вырыс чалавечага цела.
— Яшчэ доўга жыў, — заўважыў Калесьнікаў. — 3 мёртвага столькі крыві ня выльлецца.