яе, але жанчына раптам схапілася за галаву і — з жахам у вачох — сказала:
— Доктар! Я чытала сёньня вершы поэта Пошчак-Бурава.
— Выпіце валер’янкі, — параіў оптыміст-доктар.
І для вас, таварышы, і для мяне — вынік зразумелы.
Ня мець пэрспэктывы — сьмерць.
Няхай не біолёгічная, а моральная, але што ёсьць больш жахлівага, больш трагічнага за моральную сьмерць!
Доктар-псыхіятр! Я веру ў медыцыну. Але я не памыліўся: вы не давучыліся.
Ня мець пэрспэктывы — сьмерць.
Валер’янка — ня ёсьць пэрспэктыва.
Гэта аповесьць напісана для тых, хто верыць у мэту, верыць у свой шлях, верыць у свае сілы, у сілы свайго колектыву.
Хто ня мае гэтай веры — прэч рукі ад напісанага мною! — Той няхай ня чытае гэтай аповесьці, аўтар якой — я, і сааўтар мой — наша сонца.
— — але такія ночы скора блякнуць, няпрыкметна прыходзіць золак.
Толік прынёс у шапцы вады. Падняў Рубанаву галаву, уліў у рот. Вада палілася па твары, па шыі, пад кашулю.
Рубан ня кратаўся.
Толік асьцярожна паклаў таварышову галаву на траву, тады ўбачыў: твар быў земляным, войстрым — прасьвечвалася скура.
Ішло сьвітаньне.
Тады было: сьпёртае паветра са сьвістам вырвалася вонкі — Рубан уздыхнуў лёгка.
Толік устаў. Узьняў цяжкую галаву і ўбачыў: ішло сьвітаньне.
Над зямлёй было хворае на воспу сонцавага ўсходу неба. Наперадзе быў юр. На канце юру — на памеранцавым фоне — стаяў сабака. Яго сьпіна выгіналася войстрымі хрыбецінамі (чорны сілуэт нагадваў Цян-Шань). Сабака, аблізваючыся, глядзеў на неба.
Неба было размалявана майстрамі Палеха.