— Шанцуе потым нам, Толік. З учорашняга ў роце ані каліва ня было, а тут яшчэ дождж. Кішкі прамыць, ці што?
— А ты не гавары лішняга, — заўважыў Толік, узіраючыся ў валавяную (хмары фарбуюць зямлю) далеч. — Ці бачыш, Рубан, там нешта стаіць.
— Стог?
— Стог.
— Ну, дык давай прыўдарма, пасьпеем дабегчы.
Рубан з разгону бабахнуў у стог, і раптам прыстыў на сене.
— Хто тут?
З сена вынырнуў чорны твар, буйныя кроплі дажджу трапілі на яго, па твары паплылі каламутныя раўчучкі. Мальцы зарагаталі.
— Прымай у суседзі, мармыль.
Неўзабаве яны сядзелі ў сене і распытвалі новага знаёмага па ўсіх правілах судавога допыту.
— Адкуль ты?
— Даўно ходзіш?
— Чый ты?
— Дзе бацькі?
«Мармыль» на усю гэту безьліч запытаньняў адказаў адно:
— Бацьку закапалі на шашы, на чорную воспу хварэў.
Дождж ішоў і тарахцеў гром — візгляваты і, разам з тым, адчайным лемантам адзываліся прасторы нязьлічонымі водгульлямі, і, здавалася, канца-краю нямашака густой хмары.
Яны спалі. Бачылі сны. Рубан імчаўся на цягніку, навокала лёталі кулі, адзаду ляцела полымя, і трэба было абавязкова выратаваць цягнік ад агня, сябе ад навалы куляў.
«Мармыль» сьніў зусім іншае: сваю хату, родную матку… — і ўсё блыталася: маці, бацька падалі некуды ў прадоньне, а заставаўся толькі шлях дый бясконцыя прасторы, выглянцаваныя сонцам.
Толіку сьніўся брат. Ен ляжыць з перавязанай галавой у сваім пакоі (на сьценцы, на машастовым дыване, лена выцягваецца леў), кроўю набрыняла павязка. Раптам усё зьнікае. Толік ідзе па шляху, балюча ісьці босымі нагамі па гарачым